Рэспублiканскi арт-праект "Князь Альгерд"

У 2016 годзе спаўняецца 720 гадоў з дня нараджэння князя Альгерда [АЛЬГЕРД (1296–1377) - князь Крэўскі, князь Віцебскі (1320-1345), Вялікі князь Літоўскі (1345 - 1377), сын Вялікага князя Літоўскага Гедыміна. Дзяржаўны дзеяч, рэфарматар, таленавіты палітык і палкаводзец]. Летапіс жыцця гэтай выбітнай гістарычнай асобы паслужыў крыніцай натхнення для многіх мастакоў, якія прысвяцілі яму свае творы. Імя Альгерда мае непасрэднае і вялікае дачыненне да гісторыі горада Віцебска. У 1318 годзе  22-х гадовы Альгерд  ажаніўся на віцебскай князёўне Марыі, адзінай дачцы віцебскага князя Яраслава. Альгерд, як піша пра яго  Мацей Стрыйкоўскі, адрозніваўся добрым выхаваннем, норавам, статнасцю, прыроджанай рыцарскай мужнасцю. Сучаснік князя  так падае яго вобраз: “Ён мае велічны выгляд, твар яго румяны, прадаўгаваты,  нос вялікі, вочы блакітныя, вельмі выразныя, бровы густыя, светлыя, валасы і барада светла-русыя з сівізной, лоб высокі, чало лысае, ён росту вышэй сярэдняга, не тоўсты, не худы, размаўляе голасам моцным, выразным і прыемным; ён ездзіць добра вершнікам, але  ходіць, прыхрамваючы на правую нагу, таму звычайна абапіраецца на кіёк”. У 1320 годзе Альгерд, пасля смерці Яраслава, стаў князем Віцебскім. У выніку Віцебск і Віцебскае княства ўвайшлі ў склад  Вялікага княства Літоўскага. Стаўшы кязем Віцебскім, Альгерд праводзіў палітыку, напраўленую на умацаванне і развіццё горада Віцебска, які ў выніку пераўтварыў у важны стратэгічны фарпост Вялікага Княства Літоўскага. Альгерд адыграў вялізную ролю ў  развіцці Віцебска як гістарычнага еўрапейскага горада. Амаль 25 гадоў (з 1320 да 1345) ён жыў і  правіў у г.Віцебску; пры ім  сфармаваўся асноўны гістарычны цэнтр горада, пачата ўзвядзенне  фартыфікацыйных умацаванняў, якое ажыццяўлялася ў адпаведнасці з навейшымі дасягненнямі архітэктуры Заходняй Еўропы. У кароткі тэрмін з 1330 да 1351 года вакол Віцебска ўзнімаюцца мураваныя ўмацаванні даўжынёй 1750 метраў і ён ператвараецца ў непрыступны “замак Віцебскі”. Пры Альгердзе старажытны дзяцінец трансфармаваўся ў Верхні замак, а акольны горад набыў значэнне Ніжняга замка. У выніку гэтага гарадская планіроўка атрымала арганізаваны рэгулярны характар, бо ў склад агульнагарадской цытадэлі трапіла значная частка тэрыторыі горада. Рэканструкцыя горада Альгердам значна ўзмацніла яго абарончую сістэму, якую ў той час не меў ніводзін з гарадоў на тэрыторыі Беларусі. Віцебск стаў адным з найбольш умацаваных гарадоў ВКЛ і быў пазначаны ў ліку 15 найбуйнейшых гарадоў дзяржавы. Мураванае будаўніцтва ў горадзе не абмежавалася ўзвядзеннем абарончых умацаванняў. На Верхнім замку Альгерд змураваў княжацкія палаты. Ва ўсходняй частцы Заручаўя для сваёй жонкі князь пабудаваў Свята-Духаўскую царкву, на Ніжнім замку – перабудаваў Саборную Дабравешчанскую царкву. Ад віцебскай князёўны Марыі ў Альгерда нарадзіліся дзеці: Андрэй, Дзімітрый, Уладзімір, Канстанцін, Фёдар, Фядора, Агрыпіна. У 1345 годзе Альгерд стаў Вялікім князем ВКЛ. Ён праславіўся ў гісторыі як адзін з самых моцных і ўплывовых палітыкаў. Як дадатак да вобразу князя можна прывесці словы летапісца: “Альгерд быў хітрым і празорлівым, смелым і памяркоўным,  рызыковым і цярплівым, вельмі разумным правіцелем. Ён многімі мовамі мог размаўляць. Ён устрыманне меў вялікае, ад усялякай мітусні, пацех і гульняў адварочваўся, віна і піва, і мёду хмельнага не піў, ад гэтага вялікага розуму моцную душу меў і гэтым многія грады і княствы паваяваў і не столькі сілаю, колькі мудрасцю ваюючы”. Пасля смерці жонкі Марыі Альгерд ажаніўся у другі раз на цвярской князёўне Ульяніі, якая прадоўжыла справу Альгерда па развіццю і ўмацаванню горада Віцебска. На працягу ўсёй сваёй гісторыі віцябляне захоўвалі памяць пра заслугі князя. Доўгія гады ў старажытнай царкве Віцебска ў Верхнім Замку знаходзіўся партрэт князя Альгерда і яго жонкі Ульяны, выкананы невядомым прыдворным мастаком у візантыйскай манеры, адзін з найбольш ранніх вядомых мастацкіх свецкіх твораў, створаных віцебскімі майстрамі на рубяжы сярэдняга і позняга сярэднявечча. А ў 2014 годзе ў гістарычным цэнтры горада Віцебска ў гонар заслуг князя Альгерда яму усталяваны грандыёзны помнік, аўтарам якога з’яўляецца беларускі скульптар С.Бандарэнка. У гонар 720-годдзя з дня нараджэння Вялікага князя Беларускім Саюзам Мастакоў падрыхтаваны рэспубліканскі выставачны праект “Князь Альгерд у выяўленчым мастацтве”, прэзентацыя якога адбылася ў Ноч музеяў у віцебскім Мастацкім музеі, на Замкавай гары ў горадзе Віцебску, менавіта на тым месцы, дзе ў чатырнаццатым стагоддзі размяшчаліся княскія палаты Альгерда.  Праект “Князь Альгерд у выяўленчым мастацтве” прадстаўляе 72 творы 47 беларускіх мастакоў: г.Мінск - Цімохаў С., Суша А., Карпянкоў А., Гадзіёнак І., Зіменка А., Козел І., Ігумнаў Д., Кузміч П., Гумілеўскі С., Свянціцкі І., Агуновіч Э., Драздоў Г., Вішнеўскі У., Бунеева Д., Грак Г., Шурмялёў Ф., Рыжы М., Сакалова-Кубай Н., Купава М., Шышкова Д., Касабуцкі І., Кашэўскі П., Барычэўскі А., Ласка Т., Салівончык А., Маркавец В., Іваноў Я., Сімановіч К., Ярэміч В., Дарожка М.; Віцебск - Ляўковіч М., Баранкоўская С., Ліцвін У., Вальноў У., Яўсееў А., Урублеўская С., Кастагрыз А., Макляцова Т., Сотнікаў С., Лалыка Б., Васільеў В.; Магілёў - Коршунаў Р. Пахоўцаў В., Фаміна Т., Сівакова Л., Несцярук Ю.; Полацк -  Козік Т. 

X
Укажите ваше имя на сайте Учреждение культуры «Витебский областной краеведческий музей».
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка