Выстава "Рытмы і вобразы часу"

Віцебскі мастацкі музей прадстаўляе выставу графічных твораў Юрыя Баранава “Рытмы і вобразы часу”, на якой экспануецца больш за 230 мастацкіх твораў. Выстава працягнецца да 5 ліпеня 2017 года.

Юрый Баранаў нарадзіўся 7 красавіка 1949 года ў горадзе Віцебску.

Графікай пачаў займацца яшчэ падчас вучобы ў школе, калі наведваў Палац піянераў і ізастудыю, дзе выкладалі В.Е.Ціханенка, В.М.Лук'янаў і Г.Ф.Шутаў.

1967 – пасля заканчэння сярэдняй школы пайшоў працаваць токарам на завод заточных станкоў.

1968 - 1970 – служыў у Савецкім Войску. У гэты час шмат працаваў як мастак-афарміцель.

З 1970 года – мастак у лабараторыі навуковай арганізацыі працы і вытворчай эстэтыкі на Віцебскім заводзе тэхналагічнага абсталявання.

З 1973-1975 – мастак у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.

1975 - I980 гг. – мастак у эксперыментальна-тэхналагічнай лабараторыі на карданажна-паліграфічным камбінаце.

1980 - 1987 гг. - мастак віцебскага карпункта Беларускага агенцтва па гандлёвай рэкламе.

1987 г. – мастак-графік АПК “Дзвіна”.

З 1990 года актыўна працуе творча, як вольны мастак.

З 1970 году прымае ўдзел у мастацкіх выставах.

Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1988 года.

Творы мастака, сярод якіх акварэлі, гравюры, экслібрысы, эмалі, захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Аргенціны, Беларусі, Бельгіі, Велікабрытаніі, Германіі, Ізраіля, Іспаніі, Італіі, Інданэзіі, Партугаліі, Польшчы, Чэхаславакіі, Францыі, Японіі.

Юрый Баранаў – сапраўдны самародак у прасторы Віцебскага графічнага мастацтва, аўтадыдакт, да творчасці якога проста не магчыма падыходзіць з крытэрыямі самадзейнага мастацтва. Гэта высокі прафесіянал, са сваім выразным “тварам” і адметнай графічнай манерай.

У графічных творах Ю. Баранава ўражвае глыбіня вобразнага мыслення, асацыятыўнасць і чысціня кампазіцыйных рашэнняў, пластычная распрацаванасць, выдатнае веданне і валоданне шэрагам графічных тэхнік. Гэта натхнёны рамантык з пачуццём высокай адказнасці за вынікі сваёй творчай працы.

Юрый Баранаў пачынаў свой шлях у эстамп з лінагравюры, але кніжная графіка і экслібрыс на пэўным этапе захапілі яго больш. У 1970-1980-я гады мастак удзельнічаў у міжнародных выставах кніжнага знака не толькі ў розных гарадах былога СССР, але і ў Польшчы, Партугаліі, Чэхаславакіі, Швейцарыі, Бельгіі, Італіі, Інданэзіі, Францыі, Вялікабрытаніі.

Сярод тых, хто асабліва паўплываў на станаўленне і творчае развіццё Юрыя Баранава, сам мастак называе заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Генадзя Шутава (1939–2017), у якога яшчэ ў дзяцінстве ён вучыўся ў ізастудыі, і з якім пазней пасябраваў, ужо працуючы мастаком. Безумоўна, значны ўплыў на творчасць Ю. Баранава аказалі яго кансультацыі ў славутых майстроў графікі, народных мастакоў РСФСР Андрэя Ганчарова (1903-1979) і Дзмітрыя Бісці (1925-1990). У тыя гады, калі Юрый Баранаў сур’ёзна захапіўся эстампам, А. Ганчароў займаў пасаду старшыні журы Ўсесаюзнага штогадовага конкурсу "Мастацтва кнігі" (1971-1979) і загадваў кафедрай малюнка і жывапісу.ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце (1950-1974), а Дз.Бісці – у тым жы інстытуце выкладаў малюнак і кампазіцыю (1978-1986).

Асаблівая любоў да кнігі і знаёмства з вышэй названымі славутымі ілюстратарамі паспрыялі актыўнай працы мастака ў галіне мастацкай ілюстрацыі. Спіс літаратурных твораў, якія ілюстраваў Юрый Баранаў, уражвае: зборнік вершаў "Рисунок лета". М. Копанева, "Верю Полдню" Г. Бураўкіна, "Рассказы о театре" М. Абалкіна, "Верю полдню" І. Селязнёва, "Короткий миг удачи" М. Кузьміна, "Красная Молния" Б. Піліпенкі, "Приглашение" А. Пасара, "Высота" Ж. Маўлянава, "Лирика" П. Яворова, "Материнское письмо" У. Ванагаса, "Рваной колос" Ф. Ісангулава, "Очертание Ветра" С. Барыева, "Все-таки иди" Л. Сабінінай, "Червонные сабли" Л. Жарыкава, "Полдень века" В. Васілеўскага, зборнік твораў рускіх і беларускіх пісьменнікаў "Братья родные", "Тайга" П. Праскурына, "Я, сын трудового народа" В. Катаева, " Горячий снег " Ю. Бондарава і іншыя. У буйных выдавецтвах Масквы (“Молодая гвардия”, “Советская Россия”, “Современник”, “Художественная литература”, “Советский писатель”) і Мінска (“Мастацкая літаратура”) мастаком аформлена больш за 20 кніг.

Ю. Баранаў заўжды ўспрымаў кнігу як цэласную структуру, у якой тэкст, выяўленчы матэрыял і прасторавая, канструктыўная пабудова тоесна ўзаемазлучаныя. А таму, для кожнага літаратурнага твора, у залежнасці ад тэксту, ён шукаў свае адметныя рашэнні, выбіраў тую, ці іншую графічную тэхніку. Большасць твораў кніжнай графікі мастака па перавазе чорна-белыя, але ў некаторых з іх уведзены дадатковы колер, які мае метафарычны сэнс і ўзмацняе агульную выразнасць твора. Даволі разнастайная мастацкая мова кніжнай графікі Ю. Баранава сведчыць пра бязмежныя магчымасці майстра.

Асобная частка экспазіцыі – экслібрысы, кніжныя знакі, якія даволі выразна і вобразна апавядаюць пра прафесію, інтарэсы ці пра склад бібліятэкі ўладальніка. У асяроддзі мастакоў экслібрыс часам лічаць пробным каменем, які вызначае ступень прафесійнага майстэрства мастака-гравёра. Экслібрысы Ю. Баранава - яскравыя носьбіты стылю і асаблівасцяў графічнага мыслення гэтага мастака.

Акрамя экслібрысаў, ілюстрацый і афармлення кніг, мастак шмат займаецца станковай графікай. Шэраг графічных кампазіцый прысвечана гістарычным і архітэктурным помнікам Віцебска, яго 1000-гадоваму юбілею. Лірычныя пейзажы, створаныя Ю. Баранавым, уражваюць чысцінёй пачуццяў, узнёслым і паэтычным успрыняццем прыроды.

                Праца мастака ў галіне прыкладной графікі паспрыяла з’яўленню шэрагу твораў, некаторыя з якіх былі ўганараваны сур’ёзнымі ўзнагародамі. Так, упакоўка для чайнага напою “Віцебскі” атрымала срэбраны медаль ВДНГ СССР і залаты прыз Чэшскай Рэспублікі. Юрый Баранаў - адзін з пераможцаў конкурса экслібрыса для музея Вялікай Айчыннай вайны.

На выставе прадстаўлены графічныя творы ў такіх тэхніках гравюры, як ксілаграфія, разцовая гравюра, афорт, лінагравюра.

X
Укажите ваше имя на сайте Учреждение культуры «Витебский областной краеведческий музей».
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка