Выстава “ТРАДЫЦЫІ. ПРАЦЯГ”

Рэтраспектыўная выстава дыпломных прац выпускнікоў мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава “ТРАДЫЦЫІ. ПРАЦЯГ” адбудзецца ў Мастацкім музее з 20 сакавіка па 7 красавіка 2019 года.

Дадзеная выстава – даніна глыбокай пашаны мастацка-графічнаму факультэту, яго гісторыі і магічнай творчай атмасферы, да тых выкладчыкаў, якія самаадданана працавалі на ніве мастацкай адукацыі, а таксама да тых нашых выпускнікоў, што ўбачылі сэнс свайго жыцця ў творчасці, у служэнні мастацтву.

Мастацка-графічнаму факультэту – Alma mater шматлікіх беларускіх мастакоў – у гэтым годзе спаўняецца 60 год. Утвораны ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя С.М. Кірава ў 1959 годзе, на базе Віцебскай мастацка-графічнай педагагічнай вучэльні, гэты факультэт стаў сапраўднай школай і творчай лабараторыяй для таленавітай моладзі, захопленай мастацтвам. Ішлі гады, на факультэце змяняліся дэканы, назвы і склад кафедраў, але галоўным заставаліся накіраванасць на творчасць, адмысловая атмасфера, створаная апантанымі, неабыякавымі да мастацтва педагогамі, якіх на мастацка-графічным факультэце заўсёды было нямала.

Адкрыццё мастацка-графічнага факультэта ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце спрыяла ўмацаванню аўтарытэту і пазіцый  Віцебскай мастацкай школы першай паловы ХХ стагоддзя, а таксама пашырэнню дыяпазону творчых пошукаў і эксперыментаў. Выкладчыкі і выпускнікі мастацка-графічнага факультэта сталі аднымі з першых сяброў віцебскага аддзялення Саюза мастакоў. А сёння выхаванцы факультэта складаюць, ці не палову сяброў гэтага прафесійнага саюза творцаў. Мы можам упэўнена сцвярджаць, што творчасць выкладчыкаў і выпускнікоў мастацка-графічнага факультэта стала арганічнай часткай спадчыны Віцебскай мастацкай школы, садзейнічала развіццю яе традыцый. Сапраўды, з аднаго боку, наш факультэт захаваў традыцыі школы, а з іншага – будуе сваю працу з улікам актуальных тэндэнцый развіцця сусветнага мастацтва.

Дадзеная экспазіцыя толькі сціплая частка таго, што зроблена рознымі пакаленнямі выпускнікоў кафедры выяўленчага мастацтва за, без перабольшання, ВЯЛІКУЮ І СЛАЎНУЮ ГІСТОРЫЮ, існавання факультэта. Многія з тых, чые дыпломныя працы вы можаце бачыць у экспазіцыі сталі вядомымі мастакамі, педагогамі, навукоўцамі, дзеячамі культуры і мастацтва.

Міхась Цыбульскі, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва

 

 

X
Укажите ваше имя на сайте Учреждение культуры «Витебский областной краеведческий музей».
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.
Загрузка